КАПІРАВА́ЛЬНА-РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для капіравання і размнажэння невял. тыражамі дзелавых папер, даведак, артыкулаў, канструктарскай, тэхнал. і інш. дакументацыі. Да іх належаць сродкі аператыўнай паліграфіі (малафарматныя машыны афсетнага друку тыпу ратапрынта, сродкі электраграфіі) і рэпраграфіі. Найб. пашыраны тэхн. сродкі вырабу копій спосабамі ксераграфіі, дыязакапіравання, святлокапіравання, фотакапіравання, тэрмакапіравання. Раней тэксты і ілюстрацыі размнажалі з дапамогай гектографа.
т. 8, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)